21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы

21.02.2023

Нібы маці, берагчы працаўніцу

Нашу – мову,

Бо яна – жыцця зачын і пачатак

песні новай.

Я. Сіпакоў

 

      21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. У нашым рознакаляровым і рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Вучні ДУА “Стахаўская сярэдняя школа” сёння гавораць пра тое, што сярод гэтага мноства моў ёсць адна асаблівая – родная, беларуская мова.

      21 лютага 2023 года ў ДУА “Стахаўская сярэдняя школа” сапраўднае свята – Дзень роднай мовы. Вучні з прыгожымі прывітальнымі словамі звярталіся да ўсіх, хто заходзіў ва ўстанову, з гонарам расказвалі аб тым, што ім у спадчыну засталася ўнікальная мова – жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, мова бацькоў і дзядоў, вялікі нацыянальны скарб.

      У гэты дзень былі праведзены мерапрыемствы, прысвечаныя мове, якую мы завем матчынай, на якой мы думаем, на якой вымавілі першае слова і на якой размаўлялі нашы продкі.

      Пад кіраўніцтвам настаўніка беларускай мовы і літаратуры Дзянішчыца І.М. з мэтай выхавання цікавасці да беларускай мовы, фарміравання нацыянальнай свядомасці, развіцця моўнай культуры прайшла гульня-віктарына “Беларуская мова – мелодыя сэрца”, у якой прынялі ўдзел вучні 5 – 9 класаў. Навучэнцы з цікавасцю адказалі на пытанні, адгадвалі выканаўцаў песень пра мову, збіралі словы, перакладалі словы з рускай мовы на беларускую, па чарзе выбіралі заданне і з выбраным словам састаўлялі сказы.

      Вучні 10 класа разам з настаўнікамі пісалі купалаўскую дыктоўку “Родная мова.

      Вучні 8, 9, 11 класаў пісалі купалаўскую дыктоўку “Беларусь – краіна-мара”.

      Падводзячы вынікі дня роднай мовы вучні зразумелі, што наша беларуская мова прайшла доўгі гістарычны шлях, нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнана сярод іншых моў свету. Каб любіць сваю Радзіму, трэба добра ведаць яе гісторыю, сваіх продкаў.