Из опыта работы

 

      АБАГУЛЬНЕННЕ ВОПЫТУ ПЕДАГАГІЧНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ

ПАВЫШЭННЕ ЧЫТАЦКАЙ ГРАМАТНАСЦІ Ў 2 КЛАСЕ

НА ЎРОКАХ “ЧАЛАВЕК І СВЕТ” СРОДКАМІ МЕТАДУ ІНТЭЛЕКТУАЛЬНЫХ КАРТ

Падрыхтавала настаўніца пачатковых класаў Вярэніч А.Р.

Больш фатакартак па ссылцы

Аналіз вынікаў маніторынгу якасці адукацыі і ўласны вопыт паказвае, што толькі асобныя вучні пасля заканчэння пачатковай школы валодаюць універсальнымі вучэбнымі дзеяннямі як пазнавальнымі сродкамі.

Аб гэтым сведчыць той факт, што большасць вучняў не могуць адказаць на пытанні, што значыць параўнаць, падзяліць аб’екты на групы, па якім крытэрыям можна ацэньваць сваю работу, як прадуктыўна працаваць у камандзе (пары, мікрагрупе) і іншае. Таму асноўная задача, якая паўстае перад настаўнікамі пачатковай школы-навучыць вучняў не толькі чытаць тэкст, але і разумець яго, працаваць з інфармацыяй розных фарматаў, тыпаў, стыляў, жанраў. Гэта неабходна не толькі для паспяховага навучання на наступных этапах, але і для сацыялізацыі, атрымання адукацыі пасля школы. Вучань пачатковай школы не авалодаўшы ўменнем вучыцца, хутчэй за ўсё, будзе не здольны кіраваць уласнай пазнавальнай дзейнасцю, не справіцца з вялікім патокам інфармацыі па розных прадметах на другой ступені навучання. З гэтага вынікае, што настаўнік павінен сфарміраваць у вучняў ключавыя кампетэнцыі, якія будуць накіраваны на пошук, інтэрпрытацыю, ацэнку прачытанага, устанаўленне сэнсавых сувязей і лагічных ланцугоў у тэксце-тое, што стымулюе інтэлектуальную актыўнасць вучняў і прымушае некалькі разоў звярнуцца да тэксту для знаходжання адказу на пытанне. Да ўмення вучыцца адносяцца зрокава-сімвалічныя дзеянні: мадэляванне, кадзіраванне, дэкадзіраванне. Яны неабходны для засваення любога вучэбнага прадмета. Таму для дасягнення вышэй сказанага я, разам з вучнямі 2 класу, на ўроках “Чалавек і свет” інфармацыю змешчаную ў тэксце адлюстроўваем у выглядзе знакавых сістэм. Для гэтага найбольш зручным, на маю думку, з’яўляецца выкарыстанне метаду інтэлект-карт.

        Інтэлект-карта-гэта тэхніка адлюстравання любога працэсу, ці падзеі, думкі ці ідэі ў комплекснай, сістэматызаванай, візуальнай (графічнай) форме. Яна валодае трыма ўласцівасцямі: нагляднасцю, займальнасцю і запамінальнасцю . Ідэя прымянення карт-памяці прыйшла да мяне пад час наведвання ўрокаў гісторыі на ІІ ступені. Настаўнік некалькі гадоў прымяняў на сваіх уроках методыку гексаў. Гэта мяне зацікавіла і я вырашыла прымяніць на практыцы карты-памяці, якія таксама садзейнічаюць развіццю чытацкай граматнасці. Даюць магчымасць вучням працаваць самастойна з вучэбнай і даведачнай літаратурай, развіваюць асабовыя якасці, інтэлект, пазнавальную актыўнасць, фарміруюць уменні звязаныя з успрыманнем, перапрацоўкай і абменам інфармацыі, паскараюць працэс навучання. Работа з інтэлект-картамі больш нагадвае гульню, што адпавядае ўзросту. Першыя крокі былі зроблены на ўроках “Чалавек і свет” яшчэ ў 1 класе. Але ўлічваючы ўзроставыя асаблівасці і насычанасць падручніка ілюстратыўным матэрыялам, больш актыўная работа пачалася праводзіцца ў 2 класе.

        Аўтарам–вынаходнікам інтэлект-карт з’яўляецца Тоні Б’юзэн, вядомы дзеяч у вобласці псіхалогіі навучання і развіцця інтэлекту. Які імкнуўся адказаць на пытанне “Як навучыць вучыцца?”

        Інтэлект-карта-гэта асобы від запісу матэрыялу ў выглядзе структуры, адыходзячай ад цэнтра да краёў, паступова разгаліноўваючыся на болей дробныя часткі. У аснове тэорыі карт ляжыць уяўленне аб прынцыпах работы чалавечага мозга: асацыятыўнае ці нелінейнае мысленне, візуалізацыя вобразаў і цэласнае ўспрыманне. Тэхналогія навучання з дапамогай карт-памяці дапамагае зрабіць працэс пазнання малодшым школьнікаў больш займальным. І ў той жа час-гэта эфектыўны спосаб работы з інфармацыяй. Вучні могуць самастойна эксперыментаваць, прыдумваць розныя формы карт, умоўныя абазначэнні, малюнкі.

        Новыя патрабаванні сістэмы адукацыі і грамадства падштурхнулі мяне да пошуку новых метадаў і прыёмаў, якія садзейнічаюць павышэнню якасці засваення матэрыялу, праяўленню пазнавальнай актыўнасці і цікавасці да прадмета, набыццю вучэбна-даследчых і праектных уменняў неабходных для далейшага навучання. Усім гэтым запатрабаванням адпавядае методыка інтэлектуальных карт. Найбольшую значымасць дадзенага метаду я адчула пад час работы па прадмету “Чалавек і свет”. У 2 класе аб’ём тэкстаў і ступень складанасці заданняў значна ўзрастаюць. Вучням прапаноўваюцца навукова-папулярныя і мастацкія тэксты. Важным момантам пры рабоце як з суцэльным, так і не з суцэльным тэкстам з’яўляецца яго пераўтварэнне. Таму неабходна фарміраваць у вучняў уменне перакладаць (“сціскаць”) суцэльны тэкст у несуцэльны (табліцу, схему, дыяграму, графік, карту і іншае) і ажыццяўляць адваротны працэс-перакладаць (“разгортваць”) несуцэльн тэкст у звязны суцэльны .

      Вучням бывае цяжка сістэматызаваць атрыманыя веды, а работа з інтэлектуальнай картай прываблівае па-першае сваёй яркасцю, а па-другое ўвесь матэрыял магчыма акінуць адным позіркам. Усё гэта садзейнічае лёгкаму запамінанню і ўзнаўленню па неабходнасці. Пад час работы задзейнічаны ўсе віды памяці: зрокавая, слыхавая, механічная, уяўленне, творчае і крытычнае мысленне.

       Так першае знаёмства з ментальнай картай адбывалася на матэрыяле тэмы “Прырода вакол нас”. Спачатку гэта была як дэманстрацыйная, апорная табліца размешчаная на дошцы. Карта-памяці была выканана большага фармату і ўсе дадзеныя былі нанесены. Вучні знаёміліся з новым матэрыялам з апорай на карту, устанаўлівалі чым адрозніваецца жывая і нежывая прырода, што адносіцца да кожнай групы. Карта была састаўленна як пры дапамозе малюнкаў, так і ключавых слоў. Пад час замацавання новага матэрыялу-гэта было добрым падспор’ем, бо ўвесь ён быў перад вачыма .

       Пад час вывучэння тэмы  “Паветра і яго ўласцівасці” вучням было прапанавана скласці карту самастойна, пад кіраўніцтвам настаўніка. Ключавое слова, якое знаходзілася ў цэнтры карты з’явілася падказкай тэмы, якую вучні агучылі самастойна. Карта зноў знаходзілася на дошцы, была выканана большага фармату і ўтрымлівала толькі частку інфармацыі . Разгалінаванні падказалі задачы ўрока. Пад час работы з тэкстам вучні знаходзілі ключавыя словы, устанаўлівалі сувязі, калі ўзнікамі спрэчкі звярталіся зноў да тэксту. Для адлюстравання інфармацыі карысталіся гатовымі малюнкамі. Работа пад гэтай тэмай працягвалася і на другім ўроку. На наступным уроку да ўвагі была прапанавана гэтая ж карта, але з невялікімі дапаўненнямі. Праверыўшы дамашняе заданне, з апорай на ментальную карту, вучні прыйшлі да выніку, што сёння яны будуць знаёміцца з аховай і значэннем паветра. На аснове ўласных ведаў, і пасля тлумачэння новага матэрыялу вучні калектыўна запоўнілі карту. Пад час гэтай работы вучні вучыліся выбіраць галоўнае і другаснае. Пры запаўненні карты выкарыстоўваліся як малюнкі, так і гатовыя карцінкі.

        Пасля таго, як вучні пазнаёміліся з тэхналогіяй  стварэння ментальных карт я перайшла да знаёмства з картамі, што ўтрымліваюць лішнія дадзеныя. Спачатку гэта адбывалася пад час праверкі дамашняга задання па тэме “Глеба”. У кожнага вучня была свая карта-памяці. Вучні працавалі самастойна, а затым абмяняліся картамі. Пасля праверкі работ я прыйшла да выніку, што неабходна яшчэ больш увагі звярнуць на тое, каб вучні маглі правільна выдзяляць асноўнае і ўсё гэта перадаваць знакам.

      Акрамя матэрыялу падручніка, высокаматываваныя вучні працавалі з дадатковым матэрыялам, а затым самастойна дапоўнялі карту. Так пры вывучэнні тэмы “Расліна-частка жывой прыроды”, вучань пастараўся самастойна скласці карту-памяці па матэрыялу падручніка, а затым дапоўніў яе новым .

       Выкарыстанне карт-памяці магчыма не толькі на розных відах урокаў, але і на розных этапах.

       На ўроку замацавання ведаў па тэме “Вада і яе ўласцівасці” школьнікі самастойна запаўнялі карты. Ім было прапанавана толькі адно ключавае слова і разгалінаванні. Паколькі ў некаторых вучняў яшчэ недастаткова сфарміравана ўменне выдзяляць галоўнае, ключавое, то некаторыя карты ўтрымлівалі словы-падказкі. Неабходна было іх толькі правільна размеркаваць.

        Пры падвядзенні выніка ўрока па тэме “Дзікарослыя дрэвы” аналізуючы праведзеную работу з апорай на карту-памяці вучні выказвалі свае думкі. Што іх зацікавіла? Аб чым яшчэ хацелі даведацца? Што даведаліся новага? Што засталося незразумелым і на што неабходна звярнуць увагу? Аб чым хацелася расказаць дома? Сябрам?

        Матэрыял, а менавіта карцінкі, альбо малюнкі карт-памяці можна прымяніць пад час правядзення фізкультмінутак. Так малюнкі па тэме “Вада і яе ўласцівасці” выкарыстоўваліся вучнямі каб паказаць стан вады у прыродзе. Адзін паказваў малюнак, іншыя выконваюць рухі.

Індывідуальная работа вучняў

        Пры вывучэнні тэмы “Птушкі” высокаматываваным вучням было прапанавана самастойна папрацаваць з дадатковай літаратурай і скласці карты-памяці аб адной птушцы. Спачатку разам з вучнямі вызначалася колькасць разгалінаванняў, а затым вучні самастойна вызначалі не толькі ключавыя словы, але і сваімі напрацоўкамі дзяліліся на ўроку .

        Пры праверцы дамашняга задання прапануюцца заданні ў залежнасці ад узроўня падрыхтоўкі. Гэта могуць быць карты толькі з ключавым словам, з падказкамі, з лішнімі і нехапаючымі дадзенымі. Вучні могуць выкарыстоўваць як малюнкі, так надпісы, могуць быць і гатовыя карцінкі. У якасці дамашняга задання прапанавала вучням самастойна скласці карту-памяці па тэме ўрока. На наступным ўроку ўсе варыянты разглядаюцца, абмяркоўваюцца, даюцца заўвагі. Некаторыя вучні дапаўняюць карты дадзенымі з іншых крыніц. Карты могуць утрымліваць мала матэрыялу-гэта гаворыць адразу аб тым, як вучань папрацаваў.

Групавая работа з вучнямі

        Пасля тлумачэння новага матэрыялу вучням прапаноўваецца заданне, скласці карты з гатовымі ключавымі словамі, неабходна толькі іх правільна згрупіраваць, устанавіць сувязь. Заданні могуць быць аднолькавыя і розныя. Пасля карты вывешваюцца на дошку і аналізуюцца. Пры розных заданнях вучні абменьваюцца картамі, правяраюць, знаходзяць памылкі, пры неабходнасці звяртаюцца да падручніка.

      Выкарыстоўвала карты на якіх нанесены толькі разгалінаванні, а вучням неабходна самастойна вызначыць і запісаць словы, альбо намаляваць малюнак.

Клас быў падзелены на тры групы. Першая складала карту выкарыстоўваючы надрукаваныя словы, другая малявала малюнкі, трэцяя выкарыстоўвала карцінкі. Гэта работа не толькі дапамагла замацаваць і сістэматызаваць матэрыял, але і выклікала шмат станоўчых эмоцый у дзяцей.

Калектыўная работа вучняў

        Пры праверцы дамашняга задання на дошцы вывешваецца карта-памяці з адным ключавым словам, надрукаваныя словы асобна. Вучні ўстанаўліваюць заканамернасць і размяшчаюць словы. Могуць выкарыстоўвацца карты з памылкамі. Задача вучняў знайсці іх і выправіць .

На дошцы карта толькі з ключавым словам у кожнага вучня адно слова. Задача вучняў скласці разам інтэлект-карту. Вучні працуюць з тэкстам, аналізуюць яго, знаходзяць сваё слова, вызначаюць месца яго на карце.

Выкарыстоўваючы ў сваёй рабоце карты-памяці я прыйшла да выніку, што гэта работа не толькі выклікае цікавасць у вучняў, але і садзейнічае больш лёгкаму запамінанню матэрыялу ў тым ліку і для слабапаспяваючых, вучні ўжо з малодшых класаў вучацца працаваць з інфармацыяй, прыводзіць веды ў сістэму, праяўляюць пазнавальную актыўнасць і цікавасць да прадмета..